Дзве групы незалежных экспертаў распрацуюць канцэпцыі рэформы беларускай школы

Незалежныя эксперты ў галіне адукацыі стануць каардынатарамі груп для выпрацоўкі канцэпцый і практык рэалізацыі будучай рэформы беларускай школы.

Тэмай трэцяга пасяджэння канцэптуальнай лабараторыі, арганізаванай у межах праекту «Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра», сталі падыходы да вызначэння прынцыпаў адукацыйнай палітыкі, мадэляў  сістэмы адукацыі, фарматаў кіравання адукацыяй у Беларусі.

Сустрэча праходзіла ў гібрыдным фармаце: афлайн-мерапрыемства ў Вільні і анлайн-удзельнікі з некалькіх краін ЕЗ.

Мадэратарка сустрэчы, кандыдатка гістарычных навук і вядучая экспертка «Васьмінога» Марына Сакалова зазначыла, што на дадзеным этапе варта засяродзіцца на структурных элементах канцэпцыі. У далейшым – сфармуляваць падыходы, заняцца сутнасным напаўненнем дакументаў згодна сваім каштоўнасцям і бачанню. 

Кандыдатка педагагічных навук Святлана Мацкевіч прапанавала структурныя элементы, якія павінны прысутнічаць у варыянтах канцэпцый рэформы:

  •       аналіз сітуацыі, выклікі, праблемы;
  •       бачанне будучай сістэмы адукацыі (асноўная ідэя) і яго абгрунтаванне (чаму такое, а не іншае);
  •       фарматы рэалізацыі ідэі;
  •       шлях перахода ад старой сістэмы да новай. 

Прысутныя эксперты пагадзіліся з прапанаваным фарматам. 

Разам з тым падчас дыскусій наконт класіфікацый мадэляў, абмеркаванняў праблем беларускай школьнай адукацыі і разважанняў наконт магчымасцей запазычання досведу заходніх краін для ажыццяўлення рэформ вызначыліся розныя падыходы. 

Адзін з іх быў артыкуляваны  Святланай Мацкевіч, якая ў 1990-х гадах працавала ў Міністэрстве адукацыі і намагалася тады прасоўваць ідэі рэфармавання. Другі – старэйшым аналітыкам Беларускага інстытута стратэгічнага даследавання (BISS, Літва), эксперт Грамадскага Балонскага Камітэту Андрэем Лаўрухіным.

Удзельнікі дыскусіі вырашылі, што імкнуцца нівеляваць адрозненні на гэтым этапе было б непрадуктыўна. Наадварот, вельмі важна атрымаць розныя прапрацаваныя канцэптуальныя прапановы.

Плануецца, што гэтыя прапановы будуць прадстаўлены экспертамі на верасеньскім пасяджэнні Лабараторыі.

Наступныя крокі – стварэнне дзвюх экспертных групп для дэталёвай прапрацоўкі канцэпцый, абмеркаванне гэтых напрацовак у межах Лабараторыі і арганізацыя абмеркавання прапаноў удзельнікамі адукацыйнага працэсу і ўсімі зацікаўленымі бакамі.

Праект «Васьміног» запрашае экспертаў і прадстаўнікоў педагагічнай супольнасці далучацца да абмеркаванняў  рэформы адукацыі і мадэлі будучага школы.

Звязацца з арганізатарамі лабараторый для ўдакладнення дэталяў можна праз паштовую скрыню vasminoh.reform@gmail.com.