Дарожная мапа дэмакратызацыі вышэйшай адукацыі Беларусі на перыяд 50-100-500 дзён
Дарожная мапа (далей – ДМ) распрацавана групай экспертаў і практыкаў у сферы вышэйшай адукацыі па ініцыятыве Офіса Святланы Ціханоўскай і пры падтрымцы Аб’яднанага пераходнага кабінета.
ДМ – гэта дакумент, які пакрокава апісвае пераход ад аўтарытарнай сістэмы вышэйшай адукацыі да дэмакратычнай. Яго задача – забяспечыць устойлівасць і эфектыўную дэмакратычную трансфармацыю сістэмы вышэйшай адукацыі ў пераходны перыяд.
Дарожная мапа пачынае дзейнічаць з моманту фарміравання Урада пераходнага перыяду. Дакумент ахоплівае першыя 500 дзён пераходнага перыяду і падзелены на тры этапы: 50,100, 500 дзён.
Асноўныя задачы першага этапа (50 дзён):
– рэабілітацыя ахвяр рэпрэсій у сферы вышэйшай адукацыі;
– захаванне ўстойлівага функцыянавання сістэмы вышэйшай адукацыі;
– правядзенне арганізацыйна-кадравых змен ва ўніверсітэтах, перш за ўсё – у сістэме кіравання;
– прызначэнне новага міністра адукацыі і рэктараў, стварэнне Нацыянальнай рады вышэйшай школы, камісій па развіцці ўніверсітэтаў.
Асноўныя задачы другога этапа (100 дзён):
– аднаўленне і развіццё міжнароднага супрацоўніцтва;
– шырокае абмеркаванне ключавых дакументаў па дэмакратычным кіраванні ў сістэме вышэйшай адукацыі, а таксама напрамкаў будучай рэформы сістэмы вышэйшай адукацыі;
– навучанне супрацоўнікаў сістэмы адукацыі дэмакратычным працэдурам, механізмам і прынцыпам узаемадзеяння.
Асноўныя задачы трэцяга этапа (500 дзён):
– прыняцце новых дэмакратычных Статутаў універсітэтаў;
– правядзенне дэмакратычных выбараў у органы самакіравання ўніверсітэтаў;
– правядзенне дэмакратычных выбараў рэктараў універсітэтаў;
– шырокае грамадскае і экспертнае абмеркаванне напрамкаў і прыярытэтаў будучай рэформы сістэмы вышэйшай адукацыі Беларусі.
Дарожная карта будзе рэалізоўвацца сумеснымі намаганнямі Урада пераходнага перыяду, супрацоўнікаў і студэнтаў ВНУ, структур грамадзянскай супольнасці. Аўтары ДМ бачаць значную ролю студэнцтва і моладзі ў ажыццяўленні дэмакратычных пераўтварэнняў у сістэме вышэйшай адукацыі.
Прадстаўлены праект «Дарожнай мапы дэмакратызацыі вышэйшай адукацыі Беларусі на перыяд 50-100-500 дзён» адкрыты для максімальна шырокага грамадскага і экспертнага абмеркавання, унясення абгрунтаваных дапаўненняў і змяненняў.
- Вашы прапановы, заўвагі, дапаўненні і каментарыі да Дарожнай мапе можна дасылаць на пошту roadmapedu24@gmail.com