«Васьміног» правёў лабараторыю з абмеркаваннем канцэпцый адукацыйных рэформ

У межах праекта «Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра» працягваецца праца дзвюх груп даследчыкаў па падрыхтоўцы канцэпцый рэформ адукацыі. Каардынатары каманд, кандыдат філасофскіх навук Андрэй Лаўрухін і кандыдат педагагічных навук Святлана Мацкевіч, падзяліліся прамежкавымі вынікамі работы. У прыватнасці, былі агучаныя два блокі пытанняў, асэнсаванне якіх непазбежнае пры распрацоўцы канцэпцый па рэфармаванні беларускай школы. Гаворка ідзе пра праблемы, якія назапасіліся ў сучаснай сістэме адукацыі Беларусі. Таксама абмяркоўваліся бачанні вобразаў будучай адукацыі, якія будуць дасягнутыя ў выніку рэформы. 

Кіраўнік адной з груп даследчыкаў Андрэй Лаўрухін акцэнтуе ўвагу на тым, што рэфармаваная сістэма адукацыі павінна быць інтэграваная ў глабальную і еўрапейскую сістэму, адпавядаць сістэме каардынат развітых краін, суадносіцца з мэтамі ўстойлівага развіцця і стварэння грамадства ведаў. 

Згодна бачанню гэтай групы распрацоўшчыкаў канцэпцыі рэформы, будучай сістэме адукацыі павінны быць уласцівыя наступныя рысы: 

  • інклюзіўнае адукацыйнае асяроддзе, якое садзейнічае фармаванню нацыянальнай ідэнтычнасці;
  • дэмакратычнае кіраванне, дзе суб’екты маюць пэўную аўтаномію ў вызначэнні мэтаў і фарматаў асабістых і калектыўных адукацыйных практык; 
  • найбольш спрыяльныя магчымасці для з’яўлення адукаваных грамадзян, якія маюць шэраг якасцей і кампетэнцыяў, што дазваляюць ім самарэалізоўвацца як творчым асобам, прымаць актыўны ўдзел у жыцці грамадства і садзейнічаць паляпшэнню якасці жыцця і ўстойліваму развіццю мясцовых супольнасцей і грамадства ў цэлым;
  • адкрытая сістэма, якая дынамічна развіваецца, перманентна ўзбагачаецца рэгіянальным і сусветным досведам, пабудаваная на каштоўнасцях і  прынцыпах развітых дэмакратычных краін свету.

Каардынатар другой групы, Святлана Мацкевіч, акрэслівае складаную сітуацыю, у якой апынуліся беларускія адукацыйныя арганізацыі пасля 2020 года: «Змянілася карта суб’ектаў, актараў і стэйкхолдараў адукацыі. Таксама паўсталі як мінімум 3 палітычныя структуры, якія ўздымаюць пытанні адукацыі. Калі ў эміграцыі адукацыйныя ініцыятывы і арганізацыі займаюцца рэлакацыяй і аднаўленнем патэнцыялу, то ў Беларусі назіраецца абвастрэнне ідэалагічнай і рэпрэсіўнай сітуацыі».

Сыходзячы са складанай унутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі, эксперт вызначае наступныя мэты ў адукацыі: 

  • У Беларусі – захаванне чалавечага рэсурсу, пераключэнне высілкаў ад фармальнай сістэмы да нефармальнай;
  • У эміграцыі – падрыхтоўка да «рэформы»: фармаванне суб’ектаў упраўлення, канцэпцыі, праекты рэформ, эксперыментальныя пляцоўкі («лікбез» + кваліфікацыя +рэфлексіўныя практыкі).

Кацярына Спосаб, магістр педагогікі ўніверсітэта Цуг (Швейцарыя), дактарантка ўніверсітэта  Фехта (Германія) абазначыла асноўныя характарыстыкі бягучай сітуацыі, параўноўваючы стан рэчаў у адукацыйнай сістэме Беларусі і адукацыйныя ініцыятывы па-за межамі краіны.

Так, у Беларусі ўзмацняюцца такія тэндэнцыі, як: 

  • Індактрынацыя зместу школьных праграм;
  • Ідэалагізацыя і мілітарызацыя праграм выхавання;
  • Забарона альтэрнатыўных форм адукацыі (прыватная і нефармальная);
  • Узмацненне парушэння правоў іншых удзельнікаў збоку школьнай адміністрацыі;
  • Атмасфера страху і ўзаемнага недаверу  ў  школах;
  • Адсутнасць прасторы для  партысіпатыўных і аўтаномных дзеянняў як для індывідуальных, так і для школьных адукацыйных практык.

Супольнасць удзельнікаў адукацыйных працэсаў, па-за межамі Беларусі і ў віртуальнай прасторы, вызначаецца такімі рысамі, як

  • Выстройванне гарызантальных стасункаў узаемадапамогі;
  • Досвед самастойнай распрацоўкі і прасоўвання адукацыйных прадуктаў;
  • Апрабацыя інавацыйных метадаў і фарматаў навучання;
  • Досвед узаемадзеяння з замежнымі адукацыйнымі практыкамі і структурамі;
  • Магчымасць прасоўвання «скразных каштоўнасцей» у сваіх праграмах. 

Прадстаўнік адной з працоўных груп, кандыдат гістарычных навук Павел Церашковіч, прадставіў лаканічны аналіз бягучай сітуацыі ў нацыянальна-культурнай сферы. Паводле эксперта, сітуацыю цяжка параўноўваць нават з тым, што мела месца ў 1980-х гадоў у адукацыі БССР.

Аднак, адзначыў ён, усё ж застаюцца пазітыўныя моманты: 

  • Беларуская мова застаецца мовай супраціву, дэмакратыі і свабоды;
  • У асяроддзі дыяспары існуе магчымасць стварэння новага зместу адукацыі;
  • Вывучэнне беларускай мовы ў РБ дагэтуль застаецца абавязковым і з дастаткова вялікай колькасцю гадзін;
  • Існуе асобны курс беларускай гісторыі і беларусацэнтрычныя курсы сусветнай гісторыі, якія нават у рэдукаванай форме закладаюць падмурак для гістарычнай свядомасці.

Праца лабараторый у межах праекту «Васьміног» працягваецца. Запрашаем экспертаў і прадстаўнікоў педагагічнай супольнасці далучацца да абмеркаванняў будучай мадэлі школьнай адукацыі. Звязацца з арганізатарамі лабараторый для ўдакладнення дэталяў можна праз паштовую скрыню: vasminoh.reform@gmail.com