Таццяна Шчытцова: «Вучоным патрэбна не толькі гуманітарная падтрымка»

13 верасня ў Берліне адбылася знакавая дыскусія «Academia in Exile». Студэнты і вучоныя сабраліся ў музеі Futurium, каб абмеркаваць становішча і месца ў міжнароднай акадэмічнай супольнасці тых студэнтаў і вучоных, якія былі вымушаны пакінуць родныя мясціны.

У дэмакратычным грамадстве свабода навукі займае ключавое становішча. Часта менавіта навукоўцы і студэнты выказваюць крытычныя погляды наконт сітуацыі ў сваёй краіне, і, у шэрагу выпадкаў, гэта прыводзіць да неабходнасці пакінуць родныя мясціны, каб пазбегнуць палітычнага пераследу. Шмат для каго такое выгнанне становіцца адзіным спосабам працягваць акадэмічную кар’еру, а таксама – магчымасцю працягваць казаць аб будучыні дэмакратыі на радзіме.

Таццяна Шчытцова* прыняла ўдзел у панэлі ў якасці запрошанага эксперта і расказала пра сітуацыю з акадэмічнай свабодай у Беларусі. Слухачы даведаліся пра нагляд, праверкі, даносы і затрыманні, якія сталі паўсядзённымі з’явамі для беларускіх універсітэтаў, аб практыцы так званых «пакаяльных відэа», аб вучоных-палітвязнях (на прыкладзе Валерыi Касцюговай і Таццяны Кузінай, асуджаных на 10 гадоў за сваю экспертную дзейнасць).

ACADEMIA IN EXILE

Па словах Таццяны Шчытцовай, у фінале ўдзельнікі абмяркоўвалі магчымасці падтрымкі для навукоўцаў у выгнанні: «Мы былі аднадушныя ў тым, што такім навукоўцам патрэбна не толькі гуманітарная падтрымка. Вельмі важная таксама магчымасць прафесійнай самарэалізацыі – удзелу ў міжнароднай акадэмічнай дзейнасці (праектах, канферэнцыях, публікацыях і г.д.). Я падкрэсліла, што было б важна, каб заходнія калегі не глядзелі на навукоўцаў у выгнанні толькі як на ахвяр, якім патрэбна дапамога. І выказала ў сувязі з гэтым меркаванне, што ў бягучай сітуацыі ў заходніх навукоўцаў ёсць магчымасць – праз супрацоўніцтва з беларускімі навукоўцамі – змяніць традыцыйны погляд на Беларусь як «прыдатак Расіі».»

Дыскусія «Academy in Exile» стала выдатная пляцоўкай для факусавання міжнароднай увагі на Беларусі. «Я яшчэ раз пераканалася, што менавіта абмен вопыту вучоных з розных краін спрыяе і лепшаму разуменню адно аднаго, і адпаведнай міжнароднай салідарнасці», – падкрэсліла Таццяна Шчытцова.

Таксама на панэлі выступілі тэатразнаўца і мастачка Азадэ Ганджэ (Azadeh Ganjeh, Іран) і антраполаг Нікі Дайманд (Ye Myint Win, М’янма).

Дыскусія арганізавана сумесна з Фондам Аляксандра фон Гумбальдта (AvH) і службай акадэмічных абменаў DAAD.

Відэазапіс панэлі – тут.

* Татьяна Щитцова – философ, профессор ЕГУ (Вильнюс, Литва), саветніца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навуце