Стыпендыі ўраду Чэхіі для беларусаў

Стыпендыі ўрада Чэхіі прадастаўляюцца беларусам для навучання ў чэшскіх універсітэтах у навучальным годзе 2024/2025. Стыпендыя даступная для навучання ў ВНУ на факультэтах з англійскай мовай навучання, шэраг праграм – для навучання на чэшскай мове. Суіскальнікі стыпендыі павінны будуць пацвердзіць узровень валодання англійскай мовай. Прэтэндэнты таксама могуць даслаць рэзюмэ і матывацыйны ліст для атрымання дадатковага ліста падтрымкі, адрас – czechia.office@tsikhanouskaya.org.

Дзяржаўныя стыпендыі прызначаны для пакрыцця стандартнай працягласці навучання:

  • чэшская мова навучання: для выпускнікоў праграм бакалаўрыяту – у праграмах наступнага навучання ў магістратуры + гадавы падрыхтоўчы курс чэшскай мовы (спалучаецца з іншым профільным навучаннем). Дзяржаўныя стыпендыі гэтай катэгорыі прысуджаюцца выпускнікам праграм бакалаўрыяту. Яны могуць паступіць толькі на пэўныя навучальныя праграмы. У залежнасці ад прадметнай вобласці абітурыенты павінны здаць уступныя іспыты ў адпаведны ўніверсітэт. Паспяховая здача ўступных іспытаў з’яўляецца папярэдняй умовай для атрымання стыпендыі.

Даступныя напрамкі навучання:

Эканоміка
Бізнэс, адміністраванне і права
Прыродазнаўчыя навукі, матэматыка і статыстыка
Інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі (ІКТ)
Тэхналогіі, вытворчасць і будаўніцтва
Сельская гаспадарка, лясная гаспадарка, рыбалоўства і ветэрынарыя
Бяспека
Міждысцыплінарныя праграмы і кваліфікацыі, у тым ліку ахова здароўя і сацыяльная дапамога.

  • англійская мова навучання: у праграмах магістратуры або праграмах дактарантуры. Дзяржаўныя стыпендыі гэтай катэгорыі прысуджаюцца выпускнікам праграм бакалаўрыяту і магістратуры адпаведна.

У спісе праграм – больш за 100 варыянтаў у розных універсітэтах Чэхіі.

Поўны спіс магістратур
Поўны спіс дактарантур

Падача заяўкі і тэрміны

Каб падаць заяўку – неабходна запоўніць электронную форму заяўкі не пазней за 30 верасня 2023 года. Паспяховы заяўнік пачынае навучанне ў 2024/2025 навучальным годзе.

Падрабязная інфармацыя аб умовах прысуджэння стыпендый і адказы на самыя распаўсюджаныя пытанні вы знойдзеце тут (на англійскай мове).