Дайджэст
Паважаныя сябры,
Віншуем вас з Калядамі і Новым Годам! Хай гэтыя светлыя дні прынясуць у ваш дом радасць, утульнасць і цеплыню. Дабрабыту, поспехаў і здароўя ў новым годзе вам і ўсім вашым блізкім!
З самымі добрымі пажаданнямі,
каманда дайджэста «Асвета»
міжнародныя магчымасці
- НОВЫЯ МАГЧЫМАСЦI
Прэмія імя Льва Сапегі
для прадстаўнікоў беларускай культуры, навукі і літаратуры ад Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта. Прэмія заклікана адзначыць выдатны ўнёсак грамадзян Беларусі ў фармаванне і развіццё грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і будаўніцтва суверэннай і дэмакратычнай дзяржавы, арыентаванай на Еўропу. Заяўка можа быць пададзеная ад самога кандыдата, а таксама ад арганізацый, устаноў, асацыяцый.
Прыём заявак: да 1 лютага 2024 года
Куды адпраўляць заяўку: на адрас stypendia.studium@uw.edu.pl
Поўная інфармацыя аб прэміі і анкета кандыдата: тут
SBW Berlin Scholarship
Стыпендыя на навучанне ва Універсітэце прыкладных навук у Берліне і Патсдаме, Германія. Праграма сацыяльна актыўных студэнтаў, якія будуць выкарыстоўваць навыкі, набытыя падчас праходжання праграмы, для распрацоўкі сацыяльных ці некамерцыйных праектаў у некамерцыйных арганізацыях або сацыяльных установах у сваіх краінах. Праграма разлічаная на маладых людзей ад 18 да 30 гадоў, якія жадаюць атрымаць ступень бакалаўра ці магістра з досведам працы ці валанцёрскай дзейнасці. Стыпендыя пакрывае кошт навучання, пражыванне, прадастаўляе штомесячную выплату 480 еўра, магчымасць пакрыцця транспартных выдаткаў. Для падачы неабходны матывацыйны ліст, дакументы аб адукацыі, 1-2 рэкамендацыйныя лісты, даведка па даходах, апісанне праекта.
Прыём заявак: да 31 снежня / 30 чэрвеня штогод
Падрабязнасці: па спасылцы
UPG Sustainability Leadership
Анлайн-праграма са стажыроўкай у ЗША. UPG Sustainability Leadership – гэта рух, які мабілізуе людзей і арганізацыі для падтрымкі пазітыўнага грамадзянскага лідарства ў пытаннях устойлівага развіцця. Кожны год UPG навучае больш за 500 лідараў і ладарак устойлівага развіцця з усіх рэгіёнаў свету. Выпускнікі праграмы вядуць дзейнасць у розных супольнасцях з мэтай будаваць больш устойлівы свет.
Прыём заявак: да 31 снежня 2023 года
Падрабязнасці па спасылцы
Праграма Stipendium Hungaricum
Мэта праграмы – садзейнічанне культурнаму ўзаемаразуменню, эканамічным і культурным сувязям паміж Венгрыяй ды іншымі краінамі. краіны. Стыпендыя на навучанне ва ўніверсітэце імя Лоранда Этвёша (Будапешцкі ўніверсітэт) даступная на розных узроўнях навучання: бакалаўрыят, магістратура, доктар навук. Стыпендыя пакрывае кошты навучання, штомесячныя выплаты, пражыванне, медыцынскую страхоўку, візавыя выдаткі. Для падачы на стыпендыю неабходны матывацыйны ліст, дакументы аб адукацыі, рэзюмэ.
Прыём заявак: да 15 студзеня 2024 года
Падрабязнасці: тут
Axel Adler Scholarship
Стыпендыя Акселя Адлера прысуджаецца абітурыентам, якія паступаюць на праграмы магістратуры або бакалаўрыяту ў Гётэборгскі ўніверсітэт (Швецыя). Выбар стыпендыятаў у першую чаргу заснаваны на кваліфікацыі заяўніка ў адносінах да вучэбнай праграмы. Стыпендыя пакрывае кошт навучання для маладых людзей, якія падаюць дакументы на праграмы бакалаўрыяту (праграмная інжынерыя і менеджмент; міжнародныя адносіны; бізнес і эканоміка) і магістратуры.
Прыём заявак: да 15 студзеня 2024 года
Падрабязнасці: тут
Стыпендыі на навучанне ў Uppsala University
Стыпендыі прадастаўляюцца кожны год замежным студэнтам, якія падаюць заяўкі на міжнародную магістарскую праграму ва Універсітэце Упсалы (Швецыя). Стыпендыя пакрывае кошт навучання для маладых людзей, якія паступаюць у магістратуру.
Прыём заявак са стартам навучання восенню 2024 года: з 10 па 22 студзеня 2024
Падрабязнасці: тут
Вывучаем генератыўны ШІ з Google
Гэты курс дае агляд канцэпцый генератыўнага штучнага інтэлекту, ад асноў вялікіх моўных мадэляў да прынцыпаў адказнага штучнага інтэлекту.
Прыём заявак на ўдзел вядзецца на пастаяннай аснове
Падрабязнасці па спасылцы
- ПРАЦЯГВАЕЦЦА прыём заявак
Гранты на акадэмічныя даследчыя праекты
для прадстаўнікоў беларускай акадэмічнай супольнасці, якія вымушана пакінулі Беларусь не раней за 2020 год. Конкурс праводзіцца ў межах праграмы «EU4Belarus – SALT–II (Support for Advanced learning and training)». Лот 1 – заяўнікі могуць падаць акадэмічныя даследчыя праекты ў сферы сацыяльных або гуманітарных навук, прыярытэтны прадмет даследавання – Беларусь. Лот 2 – акадэмічныя даследчыя праекты ва ўсіх навуках і абласцях даследаванняў, якія не падпадаюць пад крытэры Лота 1. Заяўка можа быць пададзеная як індывідуальна, так і ад даследчай групы. Інфармацыю па мэтавых групах конкурсу і іншых крытэрах можна знайсці тут. Працягласць праектаў – ад 6 да 12 месяцаў, мінімальная сума гранта – 50 000 еўра, максімальная – 100 000.
Прыём заявак: да 22 студзеня 2024 года
Падрабязнасці і форма падачы заяўкі – тут
SVIATLANA TSIKHANOUSKAYA SCHOLARSHIP AT MCI
Promoting Freedom, Democracy & Good Governance
Аўстрыйскі ўніверсітэт MCI Management Center Innsbruck запусціў стыпендыяльную праграму пад ганаровым патранажам Святланы Ціханоўскай. Праграма прызначана для беларусаў і грамадзян іншых Усходнееўрапейскіх краін, уцягнутых у актыўнасці, якія прасоўваюць каштоўнасці свабоды, дэмакратыі і добрага кіравання.
УВАГА – у рамках дадзенай праграмы дапускаецца прадстаўленне дакументаў без апастыля!
Стыпендыя дасць магчымасць на льготнай аснове атрымаць ступень бакалаўра або магістра па наступных напрамках: «Бізнес і менеджмент», «Прадпрымальніцтва, турызм і адпачынак«, «Біятэхналогіі», «Бізнес-псіхалогія і менеджмент», «Экалагічная, тэхналагічная і энергетычная інжынерыя», «Міжнародны бізнес і права», «Міжнародны бізнес і менеджмент», «Міжнародны менеджмент аховы здароўя», «Менеджмент, камунікацыя і ІТ», «Мехатроніка і разумныя тэхналогіі», «Медыцынскія тэхналогіі», а таксама MBA «Агульнае кіраванне». Прыём заявак адкрыты да 31 сакавіка 2024 года. Падрабязней пра стыпендыю можна прачытаць у гэтым PDF-файле
Праграма Master of Arts in European Interdisciplinary Studies
Даступная ў тым ліку для беларусаў. Міждысцыплінарная праграма дае ўдзельнікам унікальны досвед вывучэння ўнутраных і знешніх працэсаў ЕС, а таксама найважнейшых пытанняў XXI стагоддзя: геастратэгія, кліматычны і энергетычны пераход, медыя і лічбавыя трансфармацыі. У праграме могуць браць удзел выпускнікі ўніверсітэтаў з акадэмічнай адукацыяй у наступных сферах: права, эканоміка, палітычныя ці сацыяльныя навукі, гісторыя, філасофія, геаграфія, лінгвістыка ці журналістыка, і якія зацікаўленыя ў падыходзе да працэсу еўрапейскай інтэграцыі ў шырокай і міждысцыплінарнай перспектыве. Навучанне будзе праходзіць на базе кампуса Каледжа ў Наталіне (Польшча). Стыпендыі пакрываюць кошт навучання і пражывання ў кампусе.
Прыём заявак – да 16 студзеня 2024 года
Падрабязней пра стыпендыю
Магістарскія і аспіранцкія праграмы ў Каледжы Еўропы
Еўрапейскі каледж адкрыў прыём анлайн-заявак на магістарскія праграмы на 2024-2025 навучальны год. Для студэнтаў з краін Усходняга партнёрства, у тым ліку грамадзян Беларусі, прадугледжаныя стыпендыі. Магістарскія праграмы: еўрапейская эканоміка, права, палітыка і кіраванне, міжнародныя адносіны і дыпламатыя ЕС. Рэалізуюцца на базе кампусаў у Бруге (Бельгія), Наталіне (Польшча) і ў Тыране (Албанія). Аспіранцкая праграма “European Interdisciplinary Studies” на 2024/2025 год, рэалізуецца на базе кампуса ў Наталіне.
Прыём заявак – да 16 студзеня 2024 года
Падрабязней пра магістарскія стыпендыі
Падрабязней пра праграму для аспірантаў
Падаць анлайн-заяўку
Стыпендыя The ONISILOS Marie Sklodowska-Curie
Універсітэт Кіпра запрашае постдактарантаў падаваць заяўкі на пазіцыю даследчыка ў межах даследчай праграмы пад назвай: “ONISILOS – Суфінансаванне перадавых міжнародных, міждысцыплінарных і міжсектаральных даследаванняў ва Універсітэце Кіпра”. Агульная колькасць даступных месцаў – 27. Праграма адкрытая для вядучых даследчыкаў з усяго свету і ў межах канкрэтных міжсектаральных і міждысцыплінарных дысцыплін і тым, якія можна знайсці тут.
Прыём заявак – да 25 студзеня 2024 года
Кіраўніцтва для суіскальнікаў (PDF-файл)
Пералік дысцыплін, уключаных у праграму
Стыпендыя Radboud University
Магчымасць атрымаць ступень магістра і стаць членам акадэмічнай супольнасці для студэнтаў краін, якія не ўваходзяць у ЕС/ЕЭС. Фінансаванне ў межах стыпендыі пакрывае выдаткі на аплату навучання, пражывання, медыцынскай страхоўкі і візавых расходаў. Для падачы неабходны матывацыйны ліст, рэзюмэ, 2 рэкамендацыйныя лісты, моўны сертыфікат.
Прыём заявак – да 31 студзеня 2024 год
Падаць заяўку анлайн
- ДАПАМОГА ПАЛIТВЯЗНЯМ
Офіс па адукацыі для новай Беларусі
прымае заяўкі на кампенсацыю расходаў ад былых палітзняволеных студэнтаў_ак/вучняў_ніц з Беларусі, якія маюць патрэбу ў фінансавай дапамозе. Якія выдаткі могуць быць кампенсаваныя ў межах праграмы: набыццё тэхнікі для штодзённага выкарыстання і вучобы, кароткатэрміновая арэнда жылля ў краіне навучання, аплата медыцынскіх паслуг, у тым ліку псіхатэрапію, не прадугледжаных іншымі праграмамі, ды інш. Ініцыятыва рэалізуецца ў межах праграмы Orange Scholarships Каралеўства Нідэрландаў.
падаць заяўку
Еўрапейскі Саюз у рамках праграмы «EU4Belarus – SALT-II»
(Support for Advanced learning and training) абвяшчае прыём заявак на атрыманне фінансавай падтрымкі ў памеры да 1450 еўра на вывучэнне адной з еўрапейскіх моў (на выбар суіскальніка) і здачы па ім іспыту. Праграма прызначана для беларускіх студэнтаў-палітвязняў.
умовы праграмы і падача заяўкі .
ГРАМАДЗЯНСКАЯ СУПОЛЬНАСЦЬ І АДУКАЦЫЯ
Падрыхтаваная Дарожная карта дэмакратызацыі вышэйшай адукацыі Беларусі на перыяд 50-100-500 дзён.
Дарожная карта (далей – ДК) распрацаваная групай экспертаў і практыкаў у сферы вышэйшай адукацыі па ініцыятыве Офіса Святланы Ціханоўскай і пры падтрымцы Аб’яднанага пераходнага кабінета. Гэта дакумент, які пакрокава апісвае пераход ад аўтарытарнай сістэмы вышэйшай адукацыі да дэмакратычнай. ДК пачынае дзейнічаць з моманту фармавання Урада пераходнага перыяду і ахоплівае першыя 500 дзён пераходнага перыяду. Прадстаўлены праект ДК адкрыты для максімальна шырокага грамадскага і экспертнага абмеркавання, унясення абгрунтаваных дапаўненняў і зменаў. Больш інфармацыі аб карце і поўную версію дакумента вы знойдзеце тут.
4 снежня Святлана Ціханоўская выступіла ў Ельскім універсітэце (ЗША). Мадэратарам сустрэчы са студэнтамі стаў вядомы гісторык Цімаці Снайдэр, які спецыялізуецца на даследаванні краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Сярод іншага, на сустрэчы абмеркавалі прапанову стварыць у Ельскім універсітэце беларускі цэнтр і заснаваць стыпендыі для беларускіх студэнтаў і даследчыкаў.
Аўтар кнігі «Мова 404» Аліна Нагорная прадставіла вынікі даследавання «Даступнасць і дыскрымінацыя беларускай мовы ў Беларусі». Падчас яго былі апытаныя 482 чалавекі ва ўзросце ад 15 да 72 гадоў, якія размаўляюць на беларускай мове ў Беларусі. У цэнтры ўвагі апытання была даступнасць адукацыі, інфармацыі і паслуг на беларускай мове. Даследаванне ўключае ў сябе не толькі статыстыку, але і кароткія гісторыі людзей з іх асабістага досведу.
Новы падручнік па беларускай мове бліжэйшым часам мае трапіць у школы Падляшша. Гэта падручнік для шостага класа пачатковай школы, які называецца «Слова да слова». Кніга будзе даступная для настаўнікаў беларускай мовы і бацькоў, якія хочуць, каб іх дзеці валодалі роднай мовай. Размову з аўтаркай падручніка, настаўніцай беларускай мовы Алінай Ваўранюк чытайце тут.
Цэнтр экалагічнага і сацыяльнага развіцця і Сацыяльна-інфармацыйная ўстанова «Зелева» запрашаюць на курс «Школа грамадзянскіх і прафесійных кампетэнцый». Курс пра тое, як прымаць удзел у грамадскім жыцці, як распрацоўваць праекты, прасоўваць іх і атрымліваць падтрымку, збіраць каманду і арганізоўваць яе працу і т.д. Па словах арганізатараў, найлепшы праект атрымае фінансавую падтрымку для рэалізацыі. Праграма адрасаваная беларускім актывістам і актывісткам, якія жывуць у краіне. Навучанне – бясплатнае, прыём заявак – да 5 студзеня 2024 года. Больш падрабязную праграму курса і форму рэгістрацыі можна знайсці тут.
У Вільні адбылася канферэнцыя «Пераасэнсаванне адукацыі: трохгадовы шлях ад аналізу патрэб і канцэпцый рэформ (2020-2023)». На мерапрыемстве былі прадстаўлены асноўныя мэты і прамежкавыя вынікі праграмы “Беларуская адукацыя на шляху перамен”. Па выніках канферэнцыі таксама выяўлены шэраг задач, якія неабходна будзе ўлічваць у далейшай рабоце: эфектыўная каардынацыя і камунікацыя паміж арганізацыямі, падтрыманне матывацыі зацікаўленых бакоў, пераадоленне абмежаванняў доступу да інфармацыі і камунікацыі, адаптацыя праграмы да зменлівых умоў. Больш падрабязную інфармацыю пра ход канферэнцыі, змест экспертных выступаў, а таксама іншыя вынікі мерапрыемства вы можаце прачытаць тут.
20 снежня праект «Васьмiног» завяршыў прыём заявак у рамках конкурсу грантаў на падтрымку адукацыйных праектаў. Згодна з рэгламентам, удзельнікі атрымаюць адказ аб статусе заяўкі (прынята або адхілена) 1 лютага 2024 года. Арганізатары таксама нагадваюць, што па ўсіх пытаннях, злучаных з конкурсам, можна звярнуцца праз e-mail grant.vasminoh@gmail.com.
РЭПРЭСІІ
У пачатку снежня ў Брэсце затрымалі 15 студэнтаў мясцовых навучальных установаў, у тым ліку Дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна. У інтэрнаце ўніверсітэта прайшлі ператрусы. Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што затрыманыя распаўсюджвалі нацысцкія, фашысцкія, экстрэмісцкія матэрыялы і парнаграфію ў сацыяльных сетках, пабліках і чатах. Па паведамленнях у адкрытых крыніцах, прынамсі чацвёра з затрыманых знаходзяцца ў СІЗА.
5-6 снежня ў Магілёве прайшла серыя ператрусаў і арыштаў. Яе звязваюць з прызнаннем некалькіх магілёўскіх медыя-рэсурсаў «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» (6TV Bielarus, «Магілёў Медыя» і «Навіны Магілеўскага рэгіену»). Вядома пра затрыманне былога дырэктара музея гісторыі Магілёва Аляксея Бацюкова, а ў экс-выкладчыка кафедры археалогіі і гісторыі Беларусі МДУ Аляксандра Агеева, краязнаўцы, кандыдата педагагічных навук Ігара Шаруха і былога шэф-рэдактара партала 6ТV.bу Барыса Вырвіча прайшлі ператрусы. 15 снежня на адным з дзяржаўных ТБ-каналаў выйшла перадача, у якой навукоўцаў і журналістаў абвінавацілі ў «супрацоўніцтве з экстрэмісцкай ячэйкай». Іх бягучы статус і наяўнасць прад’яўленых абвінавачанняў на момант публікацыі застаюцца невядомымі.
13 снежня адбыўся паказальны суд над двума студэнтамі Брэсцкага ўніверсітэта. Паседжанне прайшло ў галоўным корпусе, у аўдыторыях, якія адносяцца да юрыдычнага факультэта. Працэс вёў суддзя Ленінскага раённага суда Брэста Аляксандр Семянчук. Студэнтам прызначылі па 5 сутак адміністратыўнага арышту. Пасля працэсу студэнтаў сабралі ў вялікай аўдыторыі, дзе перад імі выступілі суддзя і прарэктар універсітэта па навучальнай працы.
15 снежня быў затрыманы дацэнт кафедры камунікатыўнага дызайну факультэта сацыякультурных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксей Семянцоў. У адным з тэлеграм-каналаў сілавікоў апублікаванае «пакаяльнае» відэа, у якім Семянцоў прызнаецца, што нібыта ўдзельнічаў у пратэстах 2020 года і быў падпісаны на «экстрэмісцкі» канал. Па заяве сілавікоў, на выкладчыка напісалі данос. Аляксей Семянцоў працаваў ва ўніверсітэце 15 гадоў..
ПАЛIТЫКА РЭЖЫМУ
Беларускія чыноўнікі плануюць адрэдагаваць Кодэкс аб адукацыі. Магчымыя змены закрануць размеркаванне выпускнікоў ВНУ і тэрмінаў навучання ў дзясятых класах. Таксама ўлады хочуць увесці абмежаванні, якія пазбавяць індывідуальных прадпрымальнікаў магчымасці аказваць паслугі па дашкольнай і спецыяльнай адукацыі.
У канцы лістапада міністр адукацыі Андрэй Іванец анансаваў павышэнне кошту навучання для студэнтаў, а ўжо на пачатку снежня на сайтах універсітэтаў з’явіліся новыя расцэнкі. Аб тым, наколькі выраслі кошты ў медыцынскім універсітэце і ў галоўным IT-вузе Беларусі – можна прачытаць тут. Студэнты платнай формы павінны ўнесці даплату за навучанне ў перыяд са снежня 2023 па студзень 2024 года.
У Менску ў бліжэйшыя гады плануюць адкрыць сумесны беларуска-расійскі ўніверсітэт. Гэтае пытанне прапрацоўваецца Міністэрствам адукацыі Беларусі і Міністэрствам адукацыі і навукі Расіі, а таксама ў Акадэміях навук абедзвюх краін. Прадугледжваецца, што ў ВНУ будуць рыхтаваць спецыялістаў інжынерных прафесій.
Намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай заявіў у эфіры дзяржаўнага ТВ-канала, што выхаванцы беларускіх ваенна-патрыятычных клубаў, якія паспяхова асвоілі праграму, атрымаюць прэферэнцыі пры паступленні ў кадэцкія вучылішчы. Чыноўнік падкрэсліў, што па такой жа «льготнай траекторыі» пасля кадэцкага вучылішча выхаванец патрыятычнага клуба можа патрапіць у Ваенную акадэмію.
Адукацыйныя ведамствы Беларусі і Расіі дамовіліся правесці ў 2024 годзе адзіныя ўрокі, дзе расійскім школьнікам раскажуць пра Беларусь, а беларускім – пра Расію. Паводле слоў расійскага міністра асветы Сяргея Краўцова, такія ўрокі дапамогуць школьнікам 1-11 класаў «яшчэ раз даведацца пра Саюзную дзяржаву, пра наш брацкі народ Рэспублікі Беларусь».
У Беларусі працягваюцца прапагандысцкія мерапрыемствы, у якія так ці інакш уцягнутыя школьнікі і студэнты. У школе Клецкага раёна дзейнічае ваенна-патрыятычны клуб, чальцы якога ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах, і пры гэтым апранаюцца ў форму расійскага дзіцяча-юнацкага руху Юнармія. А са студэнтамі некалькіх беларускіх ВНУ правялі круглы стол у падтрымку Палестыны. У афармленні мерапрыемства выкарыстоўваліся партрэты Ясіра Арафата, Махмуда Абаса і Лукашэнкі, а ў інфармацыйных матэрыялах дзеянні арміі Ізраіля называліся «генацыдам».
У дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым лагеры «Зубраня» ў пачатку снежня адбылася «дзелавая» гульня «Суд над экстрэмізмам». У мерапрыемстве ўдзельнічалі школьнікі з атрада «Клуб будучых выбаршчыкаў». Мэтай гульні было заяўлена «стварэнне ўмоваў для фармавання ўстойлівай адмоўнай пазіцыі ў адносінах да праяваў экстрэмізму ў навучэнцаў». Фармат меў на ўвазе поўную імітацыю судовага разбору – з удзелам суддзі, абвінавачаных, адвакатаў, сведкаў, пацярпелых і гэтак далей.
Яшчэ адна тэма, якой былі прысвечаныя прапагандысцкія мерапрыемствы ў школах, – гэта 105-годдзе ўтварэння БССР. Так, у сярэдняй школе № 3 у горадзе Бярэзіна напярэдадні даты былі праведзеныя гістарычны экскурс, круглыя сталы і гадзіны зносін на тэму «БССР – наша памяць на стагоддзі». У Слуцкім дзяржаўным медыцынскім каледжы правялі дыялогавую пляцоўку, дзе выступіў прадстаўнік так званага маладзёжнага парламента.
Свіслацкую гімназію №1, адзіную ў Беларусі, якая насіла імя кіраўніка паўстання 1863-1864 гг. Кастуся Каліноўскага, перайменавалі ў гонар камсамолкі-падпольшчыцы Пашы Васіленка. Гімназія была заснаваная больш за 200 гадоў таму. Кастусь Каліноўскі скончыў яе ў 1856 годзе. З 1987 года школа насіла яго імя, і да 2020 года сюды на экскурсіі рэгулярна прыязджалі школьнікі з Польшчы. Да перайменавання ў гімназіі таксама існаваў школьны музей з экспазіцыяй, прысвечанай тэме паўстання і жыцці Каліноўскага.
У пачатку снежня сілавікі затрымалі 15 студэнтаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, а 8 снежня супрацоўнікі Ленінскага раённага ўпраўлення ўнутраных спраў выступілі перад навучэнцамі БрДУ. Студэнтаў пра сустрэчу папярэдзілі за гадзіну, з паметкай «яўка абавязковая». Як распавялі прысутныя на лекцыі, ішла гаворка пра тое, чаму «нельга чытаць экстрэмісцкія рэсурсы», а таксама пра тое, што ВКЛ і Рэч Паспалітая «насамрэч ніяк не звязаныя з Беларуссю». Пракаментавалі сілавікі і затрыманні студэнтаў, зрабіўшы акцэнт на тым, што ў кожнага «ёсць свой лічбавы след» і што знайсці можна ўсіх. Завяршылася сустрэча кароткім аглядам адказнасці за распаўсюджванне наркотыкаў, прастытуцыю і педафілію.
Студэнты, школьніца і выкладчыкі каледжа і ўніверсітэта распавялі выданню «Салiдарнасць» пра змены, якія адбыліся ў навучальных установах у бягучым навучальным годзе. Суразмоўцы распавялі журналістам пра камеры для распазнання асоб, павелічэнне колькасці ідэалагічных і прапагандысцкіх мерапрыемстваў, скарачэнне міжнародных студэнцкіх праграм, а таксама пра звальненні выкладчыкаў і супрацоўнікаў навучальных установаў на фоне агульнага недахопу кадраў. Поўную версію матэрыялу можна прачытаць тут.