Таццяна Шчытцова ў Дзень беларускай навукі: «Навука неаддзельная ад грамадства»
З нагоды Дня беларускай навукі Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі, доктарка філасофскіх навук Таццяна Шчытцова звярнулася да беларускіх вучоных:
«Паважанае навуковае спадарства, калегі і каляжанкі, віншую вас з Днём беларускай навукі!
Усіх нас аб’ядноўвае ўнікальны досьвед: як навукоўцы мы звязваем індывідуальны інтэлектуальны пошук з запатрабаваннямі і марамі ўсяго грамадства. Навука, адзін з галоўных сацыяльных інстытутаў сучаснага свету, з’яўляецца падставай для развіцця ўсіх галінаў грамадскага жыцця. Гэта натхняе і дазваляе адчуваць гонар за сваю працу на ніве навукі.
Нажаль, пры цяперашнім палітычным рэжыме ў Беларусі навука не можа паўнавартасна развівацца і непазбежна дэградуе, як бы гэта ні імкнуліся схаваць пафаснымі прамовамі і маніпуляцыямі са статысткай.
Для развіцця навукі неабходна фінансаванне, шырокае міжнароднае супрацоўніцтва і, вядома, «здаровая» навуковая супольнасць унутры краіны, якая не баіцца самастойна думаць, абменьвацца ідэямі, ініцыяваць новыя праекты.
У 2021 і 2022 гадах у Беларусі быў самы нізкі за апошнія 20 гадоў паказчык выдаткаў на даследаванні і развіццё (R&D): 0,47% і 0,48% ад ВУП. Вядома, што мінімальны прымальны паказчык, які сведчыць пра адносна годны ўзровень навукі ў краіне, – гэта 1% ад ВУП. У апошнія гады адзначаецца таксама значнае скарачэнне навуковых кадраў. Па дадзеных на 2022 год у нас самы нізкі за апошнія 20 гадоў паказчык: ніжэй, чым у 2000 годзе. Драматычна зніжаецца і колькасць дысертацыяў, якія абараняюцца.
Беларуская навука знаходзіцца ў вымушанай міжнароднай ізаляцыі. Супрацоўніцтва з Кітаем, якім любіць хваліцца рэжым, магчыма, прывабнае з эканамічнага пункту гледжання, але наўрад ці будзе служыць уласна навуковаму развіццю нашай краіны. Супрацоўніцтва з Расіяй, у сваю чаргу, у цяперашняй сітуацыі спалучана з палітыкай каланіяльнага падпарадкавання. Мы павінны называць рэчы сваімі імёнамі. Кошт гэтага падпарадкавання вельмі вялікі, бо сёння беларуская навука працуе ў тым ліку на ваенныя мэты Расіі.
Што тычыцца свабоднай і адкрытай навуковай супольнасці, яна проста немагчымая ва ўмовах пастаянных рэпрэсіяў. Тыран заклікаў навукоўцаў «перасягнуць сябе». Ён паказаў прыклад, пачаўшы «год якасці» з асабліва заўзятых рэпрэсій – у тым ліку ў дачыненні да беларускіх навукоўцаў і настаўнікаў. Беларусь страчвае кваліфікаваныя навуковыя кадры, бо людзі вымушаныя з’язджаць з краіны. Пры гэтым рэжыме навукоўцы сядзяць у турмах, адбываюць тэрміны ў калоніях і «на хіміі».
У гэтых абставінах я хачу асобна звярнуцца да нашых вучоных у галіне сацыягуманітарных навукаў. Вы добра ведаеце, дарагія калегі і каляжанкі, што з прыходам да ўлады Лукашэнкі сацыягуманітарныя веды ў нашай краіне перманентна дэградуюць – і па фінансавых, і па ідэалагічных прычынах. У маштабах краіны за гэтую частку беларускай навукі нам мусіць быць па-сапраўднаму сорамна. І ўсё ж у нас ёсць прафесійныя вучоныя па розных напрамках сацыяльных і гуманітарных навукаў. Частка з іх у Беларусі, частка пакінула краіну праз пагрозу рэпрэсіяў. Мы разам павінныя думаць пра тое, як захаваць і развіваць наш навуковы патэнцыял і не дапусціць, каб беларуская навука выпала з міжнароднага навуковага кантэксту, з актуальных навуковых дыскусіяў.
Офіс Святланы Ціханоўскай і я асабіста прыкладаем шмат намаганняў для таго, каб знаходзіць новыя магчымасці падтрымкі для незалежнай беларускай навукі, для падрыхтоўкі маладых вучоных. Сёння, у дзень нашага агульнага свята, я радая паведаміць аб тым, што разам з Вольным беларускім універсітэтам, якім кіруе Аляксандр Мілінкевіч, мы будзем ствараць спецыяльную праграму для рэпрэсаваных беларускіх навукоўцаў па абароне на беларускай мове доктарскіх дысертацыяў і габілітацыяў на базе польскіх універсітэтаў.
Яшчэ раз віншую ўсіх датычных з Днём нашай беларускай навукі! Навука неаддзельная ад грамадства і будзе развівацца разам з ім нашымі намаганнямі».