Дарожная мапа дэмакратызацыі агульнай сярэдняй адукацыі Беларусі на перыяд 50-100-500 дзён
Дарожная мапа (далей – ДМ) распрацавана групай экспертаў і практыкаў у сферы агульнай сярэдняй адукацыі па ініцыятыве Офіса Святланы Ціханоўскай і пры падтрымцы Аб’яднанага пераходнага кабінета.
ДМ – гэта паслядоўны набор дзеянняў, які перавядзе агульную сярэднюю адукацыю ад аўтарытарнай мадэлі да дэмакратычнай. Мэта ДМ – забяспечыць устойлівую працу і эфектыўную трансфармацыю сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі ў першыя 500 дзён з моманту фарміравання Урада пераходнага перыяду.
ДМ падзелена на тры этапы.
Асноўныя задачы першага этапу (50 дзён):
Змяненне недэмакратычнай сістэмы кіравання адукацыяй. Стварэнне ўмоваў для вяртання настаўнікаў, звольненых па палітычных матывах. Ініцыяванне шырокай грамадскай дыскусіі па выпрацоўцы бачання новай беларускай школы.
Асноўныя задачы другога этапу (100 дзён):
Стварэнне Канцэпцыі развіцця беларускай школы з прыцягненнем усіх зацікаўленых бакоў. Праца па стварэнні новага адукацыйнага заканадаўства: стандартаў, рамачных праграмаў і г.д. Пачатак працэсу выбараў дырэктараў школ. Пашырэнне прафесійных свабодаў настаўнікаў, здабыццё школамі рэальнай аўтаноміі.
Асноўныя задачы трэцяга этапу (500 дзён):
Падрыхтоўка праекта Закона аб адукацыі. Вызначэнне дакладнага графіка рэфармавання сістэмы адукацыі. Масавая перападрыхтоўка настаўнікаў. Стварэнне і ўкараненне новых метадычных падыходаў, напісанне новых падручнікаў.
ДМ рэалізуецца сумеснымі намаганнямі Урада пераходнага перыяду, супрацоўнікаў і навучэнцаў школ, мясцовых супольнасцяў.
- Вашы прапановы, заўвагі, дапаўненні і каментарыі да Дарожнай мапе можна дасылаць на пошту roadmapedu24@gmail.com