Ініцыятыва па стварэнні беларускамоўнай школы ў Вільні

У Вільні праходзіць акцыя па збору подпісаў у падтрымку адкрыцця беларускамоўнай школы.

Арганізатары акцыі ставяць за мэту дабіцца магчымасці адкрыцця менавіта муніцыпальнай, бясплатнай школы.

Калі акцыю дастаткова шырока падтрымаюць бацькі і настаўнікі – ініцыятыва атрымае афіцыйнае прызнанне і магчымасць узаемадзейнічаць з Дэпартаментам адукацыі Літвы і іншымі дзяржаўнымі органамі.

З мэтай вызначыць зацікаўленасць і запатрабаванасць яшчэ адной беларускамоўнай школы ў Вільні ініцыятыўная група запусціла дзве апытанкі – для бацькоў і для настаўнікаў.

Як прайсці апытанку?

Для бацькоў, якія жадаюць, каб дзіця вучылася ў беларускамоўнай школе – анлайн-апытанку можна прайсці тут. Яго мэта: вызначыць, на колькі дыяспара зацікаўлена ў дадзенай ініцыятыве і якой можа быць меркаваная колькасць вучняў у новай школе.

Для настаўнікаў, якія жадаюць у будучыні працаваць у беларускамоўнай школе – анлайн-апытанне можна прайсці тут. Мэта гэтай апытанкі: вызначыць колькасць настаўнікаў, якія хацелі б працаваць у такой школе, валодаюць беларускай мовай і могуць выкладаць на ёй свой прадмет. Арганізатары падкрэсліваюць, што гэта пакуль толькі збор інфармацыі, а не адчыненая вакансія.

Апытанне ананімнае. Для вашай бяспекі – удзельнічайце ў апытанні, толькі калі вы знаходзіцеся за межамі Беларусі.

Петыцыя

Ініцыятыўная група падрыхтавала петыцыю на беларускай мове, якая будзе прадстаўлена ў мясцовыя органы самакіравання пасля перакладу на літоўскую мову. У сваім дакуменце ініцыятыва спасылаецца на літоўскае заканадаўства, падкрэсліваючы права дзяцей на адукацыю на роднай мове. Калі будзе сабрана дастатковая колькасць подпісаў – гэта дасць магчымасць падаць заяўку на адкрыццё муніцыпальнай (а значыць бясплатнай) школы з навучаннем на беларускай мове.

Дзе падпісаць петыцыю??
• 18 жніўня на Кафедральнай плошчы ў Вільні, арыенцір – сцэна і валанцёры з банэрам аб школе.
• У іншыя буднія дні – у «Карчме 1863» (Вokšto 2, Vilnius), штодня, з 11.00 да 23.00

Ініцыятары акцыі звяртаюцца да бацькоў з заклікам падтрымаць іх ініцыятыву: «Наша мэта: даць магчымасць атрымаць беларускім дзецям адукацыю на роднай мове, а таксама стварыць утульную атмасферу для беларусаў Вільнюса».