Татьяна Щитцова в День знаний: «Хорошее образование – основа хорошего общества»

Віншую ўсіх беларускіх дзяцей, сем’і, у якіх ёсць навучэнцы, а таксама выкладчыкаў і выкладчыц з пачаткам навучальнага года!

Сёньня тысячы беларускіх дзяцей пойдуць у школы, знаходзячыся ў вымушанай эміграцыі. Навучанне ў іншай краіне спалучана для іх і іх бацькоў з мноствам складанасцяў — псіхалагічных, сацыяльна-эканамічных, бюракратычных. Аднак ёсць адна бясспрэчная перавага: яно не спалучана з сімвалічным гвалтам і прапагандысцкім маніпуляваннем, якім сістэматычна падвяргаюцца дзеці ў Беларусі.

Добрая адукацыя - аснова добрага грамадства

Ці магчыма сёння атрымаць добрую адукацыю ў Беларусі?

Не, калі вы даверыцеся цяперашняму дзяржаўнаму рэжыму і абмяжуецеся тым, што сёння ўключана ў школьныя і ўніверсітэцкія праграмы. Гэта датычыцца не толькі сацыяльных і гуманітарных дысцыплін. Каб быць адукаваным чалавекам, недастаткова асвоіць нейкую спецыяльнасць і быць «дасведчаным чалавекам» у пэўнай сферы, магчыма нават — эрудытам. Адукаваны чалавек — гэта нашмат больш чым «спецыяліст».

У сучасным свеце быць адукаванымі гэта значыць:
— валодаць здольнасцю самастойнага крытычнага мыслення (гэта лепшая прышчэпка ад індактрынацыі і маніпуляванняў з боку любой прапаганды);
— разумець уласны сацыякультурны бэкграўнд і сваю сацыякультурную ідэнтычнасць;
— разумець актуальны сацыяльны кантэкст і сваю ролю ў ім як спецыяліста ў той ці іншай сферы і як грамадзяніна;
— мець базавую арыентацыю ў сусветнай культуры і быць адкрытымі міжкультурнаму ўзаемадзеянню ў сучасным глабалізуючымся свеце;
— асвоіць і практыкаваць культуру камунікацыі, пабудаваную на прынцыпах узаемапавагі і справядлівасці;
— разумець галоўныя праблемы сваіх грамадстваў і сучаснага свету і па меры сіл садзейнічаць іх публічнаму абмеркаванню і рашэнню.

У сучасным свеце адукацыя дапамагае людзям разам з ведамі набываць пачуццё ўласнай годнасці; забяспечвае масты паміж рознымі культурамі і дае усведамленне ўзаемазалежнасці паміж рознымі краінамі ў глабальным кантэксце.

Цяперашняя дзяржаўная палітыка ў сферы адукацыі вядзе ў прама супрацьлеглым напрамку — гэта значыць вядзе да варварства і дэградацыі. Вывучэнне чужых культур не вітаецца; у распрацоўцы навучальных праграм прымаюць удзел сілавыя органы; выкладчыкаў і вучоных, якія не жадаюць займацца прапагандай, звальняюць; любая крытыка рэжыму цягне за сабой рэпрэсіі. Сістэма накіравана на падрыхтоўку лаяльных рэжыму спецыялістаў, а не сучасных адукаваных людзей.

У гэты цяжкі для Беларусі перыяд вельмі важную ролю адыгрывае самаадукацыя і нефармальныя зносіны, якія маюць адукацыйны эфект. Інтэрнэт дае выдатныя магчымасці для трансгранічнай камунікацыі і онлайн-адукацыі ў самых розных сферах. У сувязі з гэтым новая беларуская эміграцыя — незалежныя медыя, дзеячы культуры, навукі і адукацыі — сёння нясуць адказнасць за стварэнне якаснага адукацыйнага кантэнту анлайн, які быў бы даступны для дзяцей і моладзі ў Беларусі. І мы ведаем, што такі кантэнт з’яўляецца і становіцца ўсё больш разнастайным.

Каманда па адукацыі ОСЦ падрыхтавала да гэтага дня кароткі гайд па адукацыйных магчымасцях для школьнікаў рознага ўзросту.

Добрая адукацыя — аснова добрага грамадства.

З 1 верасня ўсіх, хто шануе сапраўдную адукацыю!

Таццяна Шчытцова, дарадца Святланы Ціханоўскай па адукацыі і навуке