АСВЕТА

АСВЕТА

Таццяна Шчытцова: «Добры вучань – паслухмяны вучань. Лаяльнасць улады ў Беларусі будуць прывіваць з дзяцінства».

20 октября 2022

Філосаф і прафесар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта — пра тое, як графа «Паводзіны» ў атэстаце паўплывае на беларускае грамадства.

 

У атэстатах аб агульнай базавай і агульнай сярэдняй адукацыі з’явіцца дадатковая графа: “Паводзіны”. Тое, што зараз у выпускнікоў школ апроч паспяховасці будуць ацэньваць і паводзіны, стала вядома з пастановы Мінадукацыі №274. “Салідарнасць” пацікавілася ў прафесара ЕГУ і прадстаўніцы Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяны Шчытцовай, на што гэта можа паўплываць.

— Вельмі сімптаматычнае рашэнне. Я прыгадала савецкі час, калі ў школьных дзённіках за кожную чвэрць выстаўлялася ацэнка за паводзіны, — адзначае Таццяна Шчытцова. — Гэта значыць, па-першае, у гэтым рашэнні адразу ёсць асацыяцыя з савецкімі часамі.


Па-другое, такое рашэнне падкрэслівае: галоўнай дабрадзейнасцю ў грамадстве з’яўляецца паслухмянасць і лаяльнасць. Гэта значыць, ужо са школьнай лавы ўводзіцца спецыяльны інструмент, які будзе сістэматычна адсочваць фарміраванне асобы дзяцей пад знакам іх адпаведнасці крытэрыям добрых паводзін. Добры вучань роўна паслухмяны вучань.

Суразмоўніца “Салідарнасці” адзначае: калі разглядаць такое новаўвядзенне абстрактна, то, канешне, бацькі хочуць, каб дзеці слухаліся іх і сваіх настаўнікаў. Тады ў гэтым неабавязкова ўгледжваць нейкія трывожныя сігналы. Аднак Таццяна лічыць, што разглядаць дадзеную сітуацыю неабходна не абстрактна.


— Гэтае рашэнне ўпісана ў кантэкст усяго таго, што адбываецца ў нашым грамадстве.

У бягучай сітуацыі рэжыму неабходна, каб на выхадзе, пасля навучання ў школе, у нас былі грамадзяне, галоўнай дабрадзейнасцю якіх з’яўляецца лаяльнасць у адносінах да аўтарытэту, улады.

У школе аўтарытэтам з’яўляецца настаўнік, і ён адразу пазіцыянуецца як той, хто ацэньвае паводзіны. Гэта значыць, такое рашэнне яшчэ больш фіксуе іерархічную мадэль, тады як у еўрапейскіх школах арыентуюцца на тое, каб камунікацыя разгортвалася не цвёрдым іерархічным спосабам. Тут наша беларуская школа яшчэ больш аддаляецца ад еўрапейскіх выкладчыцкіх практык.


Таццяна падкрэслівае: такім чынам у школах уводзіцца асаблівае дысцыплінарнае «завострыванне» у працэсе выхавання і навучання, якое накіравана на паслядоўнае абмежаванне аўтаноміі асобы. Калі менавіта так будуць “кавацца” грамадзяне Беларусі, то тым самым будзе выконвацца галоўнае жаданне дзяржавы: пазбавіць нашых грамадзян палітычнай агентнасці, палітычных правоў.

— Як гэта можа быць дасягнута, каб не ўзнікла канфлікту, як у 2020 годзе? Вядома ж, трэба пачынаць з дзяцінства, каб паслухмянасць і лаяльнасць прывівалі паступова.

Беларускае грамадства становіцца яшчэ больш жорсткім “грамадствам кантролю”, пачынаючы з самых ранніх этапаў сацыялізацыі чалавека.

Гэта чарговае сьведчаньне таталітарызацыі нашага грамадзтва, што непазьбежна азначае сацыяльны рэгрэс. Калі выбудоўваць камунікацыю з дзецьмі пад знакам гэтага новага крытэра (паслухмянасць, “добрыя паводзіны”), гэта можа прывесці да зніжэння ступеняў свабоды.

Тады як развіццё дзіцяці мяркуе ўсё ж фармаванне культуры свабоды, што немагчыма ва ўмовах аўтарытарнай мадэлі.

На пытанне, ці можа такое новаўвядзенне распаўсюдзіцца далей: напрыклад, паводзіны стануць адным з крытэрыяў пры прыёме ва ўніверсітэты, Таццяна адказвае, што такое развіццё падзей цалкам магчыма.

— Цалкам лагічна такое меркаваць. Раз сказалі “А”, то на нейкім кроку скажуць і “Бы”. Раз увялі гэтую графу паводзін, цалкам верагодна, што гэта будуць улічваць. Адна з магчымых ліній развіцця пасля прыняцця такога рашэння — гэта або прамое ўлічванне ацэнкі за паводзіны або запыт рэкамендацыйных лістоў ад школы пры паступленні ў ВНУ.

Артыкул: “Салідарнасць”