Дайджэст АСВЕТА прысвечаны актуальным падзеям і ініцыятывам у сферы адукацыі і навукі
Рэпрэсii
У канцы кастрычніка ў Акадэміі навук Беларусі прайшлі масавыя затрыманні і вобшукі. Агулам былі затрыманыя больш за 40 супрацоўнікаў, у тым ліку сябра прэзыдыуму АН. У выніку большасць затрыманых былі вызваленыя без суду, трое супрацоўнікаў застаюцца ў зняволенні.
Напрыканцы кастрычніка падчас масавых затрыманняў у Акадэміі навук быў затрыманы 71-гадовы сябра-карэспандэнт Акадэміі навук, доктар біялагічных навук Алег Давыдзенка. На яго заведзеная крымінальная справа па арт. 342 КК РБ (“Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”). Вядома, што пасля выбараў 2020 г. Давыдзенка падпісаў ліст супраць гвалту і выйшаў з праўладнага прафсаюзу. Ён быў затрыманы разам з жонкай, на якую таксама заведзеная крымінальная справа. Давыдзенка – аўтарытэтны даследчык Інстытута генэтыкі і цыталогіі Акадэміі навук, аўтар блізка 300 навуковых прац.
У канцы кастрычніка падчас масавых затрыманняў у Акадэміі навук быў затрыманы намеснік дырэктара па навуковай працы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа (структурнага падраздзялення АН) Сяргей Гаранін. У зняволенні ён правёў 10 сутак. Пазней стала вядома, што ён звольнены з Акадэміі навук.
Таксама, па яго словах, дырэктары інстытутаў атрымалі распараджэнне прэзыдыуму Акадэміі навук звольніць тых супрацоўнікаў, якім ў часе масавых затрыманняў у канцы кастрычніка былі прысуджаныя адміністрацыйныя арышты. На сваёй старонцы ў фэйсбуку Гаранін таксама падзяліўся шакуючай інфармацыяй пра ўмовы ўтрымання затрыманых па палітычных матывах.
26 кастрычніка аспірантцы БДУіР Вікторыі Ждановіч прысудзілі 1 год пазбаўлення волі агульнага рэжыму. Падставай для абвінавачвання стаў удзел Ждановіч у некалькіх вулічных акцыях пратэсту – суддзя Сяргей Шаціла прызнаў яе вінаватай у парушэнні арт. 342 КК РБ (“Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўны ўдзел у іх”). Жанчына была затрыманая 27 жніўня 2022 г. і з таго моманту знаходзілася ў зняволенні.
10 лістапада палітзняволенага экскурсавода Ігара Хмару асудзілі на 2,5 гады хатняй хіміі. Суддзя Таццяна Пірожнікава прызнала яго вінаватым у парушэнні ч. 1 арт. 342 КК (“Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”). Падставай для абвінавачвання сталі фатаздымкі з акцый пратэсту 2020 г., знойдзеныя на яго старонках у сацсетках. Хмара быў затрыманы 2 жніўня на вуліцы адразу пасля сканчэння гарадской экскурсіі, якую ён праводзіў на беларускай мове, што, па яго словах, і стала прычынай затрымання. Месцазнаходжанне мужчыны да суду заставалася невядомым на працягу больш як 20 дзён.
У Мінску з прымяненнем гвалту затрымалі супрацоўніка Міністэрства адукацыі Сяргея Навумчыка. У відэа, апублікаваным на адным з праўладных тэлеграм-каналаў, яго абвінавачваюць у тым, што ён перадаваў асабістыя звесткі суддзяў у чат-бот “Чорнай кнігі Беларусі”, пакідаў у чатах каментары з заклікам да сілавога супраціву беззаконню ўладаў.
2 лістапада ў Беларусі былі затрыманыя прынамсі тры супрацоўнікі ЕГУ (імёны застаюцца невядомымі) па абвінавачванні ў невыплаце падаткаў. Пазней стала вядома, што яны выйшлі на волю, аднак у іх канфіскаваныя сродкі сувязі і па іх справах вядуцца следчыя дзеянні.
8 кастрычніка затрыманы ў Брэсце гісторык, краязнаўца, рэдактар культурна-асветніцкай газеты грэка-каталіцкай царквы “Царква” Ігар Бараноўскі быў асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Яго прызналі вінаватым у парушэнні арт. 19.11 КоАП (“Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў”) за тое, што ў маі 2021 ён размясціў на старонцы ў фэйсбуку публікацыю з прымацаваным відэа тэлеканалу “Белсат”, які быў прызнаны ўладамі экстрэмісцкім рэсурсам толькі ў лістападзе 2021 г. У 2020 г. Бараноўскага затрымлівалі за ўдзел у пратэстах, тады ён правёў у зняволенні адзін месяц.

Затрыманы буйны беларускі даследчык дэструктыўных сектаў Алег Нагорны. Пасля затрымання Нагорнага ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў з’явілася відэа з ім, дзе сцвярджаецца, што на яго могуць завесці крымінальную справу за “распальванне нянавісці да рускіх”. Вядома, што Нагорны публічна выказваўся супраць расійскай агрэсіі ва Украіне.
Кандыдатка гістарычных навук, дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Святлана Сілова, якую ў кастрычніку гэтага году затрымалі на некалькі сутак і пакаралі штрафам, звольненая з універсітэта “за адсутнасць на працоўным месцы больш за 3 гадзіны”. Сілова – найбуйнейшая даследчыца ў галіне канфесіянальнай гісторыі Беларусі.
У Гродна двух падлеткаў 14 і 15 гадоў затрымалі за тое, што адзін з іх патушыў вечны агонь на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызанаў, а другі зняў гэта на тэлефон і апублікаваў у інтэрнэце. Затрыманне адбывалася ў прысутнасці навучэнцаў Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў No1 і СШ No39. Падлеткам выстаўлена абвінавачванне паводле ч. 2 арт. 339 КК РБ (злоснае хуліганства), ім пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 6 гадоў.
У канцы кастрычніка інжынера Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, палітзняволенага Ціхана Восіпава этапавалі ў папраўчую калонію No20 у Мазырскім раёне. У 2021 г. Восіпаў быў асуджаны на 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, падчас знаходжання ў якой быў паўторна судзімы за нібыта непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі, з прычыны чаго тэрмін пазбаўлення волі быў павялічаны на 7 месяцаў, а ўзмоцнены рэжым умоваў яго зняволення быў заменены на строгі.
Былую выкладчыцу БДУ Святлану Воўчак прыгаварылі да 13 сутак адміністрацыйнага арышту. Вядома, што Воўчак неаднаразова затрымлівалі за ўдзел у акцыях пратэсту 2020 г. і што яна была звольненая з універсітэта ў верасні 2021 г. Арышт жанчына адбывае ў Іванаўскім ІЧУ.
У Брэсце затрыманы 19-гадовы студэнт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна Аляксей Гарох. З відэа, апублікаванага ў адным з праўладных каналаў, вынікае, што юнака абвінавачваюць у тым, што ён падтрымліваў Украіну ў вайне з Расіяй, перасылаў паведамленні аб перамяшчэнні расійскіх войскаў і абражаў Аляксандра Лукашэнку.
У Мінску затрымалі настаўніцу адной са сталічных школ (імя застаецца невядомым), якая з’яўляецца грамадзянкай Літвы. На відэа, апублікаваным у адным з праўладных каналаў, яна сцвярджае, што ўдзельнічала ў вулічных акцыях пратэсту ў жніўні 2020 г.
Падчас масавых затрыманняў і вобшукаў палітзняволеных у папраўчых калоніях адкрытага тыпу, якія праходзілі ў канцы кастрычніка, быў затрыманы для праверкі тэлефона студэнт Акадэміі авіяцыі Ўладзімір Хамічкоў. Згодна са сведчаннямі затрыманых, асуджаных ноччу змясцілі ў закрытае памяшканне, не давалі вады, выклікалі на допыты. У 2021 г. Хамічкоў быў асуджаны на 4 гады “хіміі” за ўдзел у вулічных акцыях пратэсту.
У праўладных каналах апублікавана відэа, у якім аднагрупнікі затрыманага раней студэнта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Артура Хлуса сцвярджаюць, што яны разам з Артурам танчылі на фоне бел-чырвона-белага сцяга: такі відэазапіс нібыта быў знойдзены ў Артура ў тэлефоне.
Студэнт 1-га курса адной з брэсцкіх вну Андрэй Маслаў быў унесены ў спіс “экстрэмістаў” МУС. Раней Маслаў быў асуджаны на 2,5 гады пазбаўлення волі за намер дапамагаць Украіне ў вайне з Расіяй.
10 лістапада распачаўся суд над 68-гадовай былой настаўніцай беларускай мовы Эмай Сцепулёнак. Яе затрымалі 29 верасня 2021 г. за каментар па “справе Зельцара”. Пасьля амаль гадавога зняволення, падчас якога ў жанчыны моцна пагоршыўся стан здароўя, яна была пераведзеная пад хатні арышт. Яе абвінавачваюць паводле арт. 369 і арт. 130 КК РБ (“Абраза прадстаўніка ўлады” і “Распальванне варожасці”). Справа будзе разглядацца ў Міёрскім судзе ў закрытым рэжыме суддзёй Ірынай Яскевіч.
25 кастрычніка дабрачынны фонд “Вяртанне”, які на працягу доўгіх гадоў дапамагаў правядзенню буйных мерапрыемстваў у галіне культуры, навукі і адукацыі, ліквідаваны згодна з рашэннем Мінскага гарадскога суда.
ПАЛІТЫКА РЭЖЫМУ
Паводле дадзеных Міністэрства адукацыі, сярэдні заробак настаўнікаў па краіне паменшыўся, нягледзячы на тое што два месяцы таму міністр адукацыі Андрэй Іванец заяўляў пра намер дзяржавы яго падняць.
Міністэрства адукацыі зацвердзіла новы ўзор школьных атэстатаў. Цяпер у іх ёсць графа для выстаўлення адзнакі за паводзіны вучняў.
Палата прадстаўнікоў рыхтуецца прыняць у першым чытанні праект закону “Пра змены ў законах па пытаннях адукацыі”, які рэгламентуе ў тым ліку арганізацыю навучання на мовах нацыянальных меншасцяў. У новым законе будзе пазначана, што ў дзіцячых садах і школах навучанне можа быць арганізавана на замежнай мове пры ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі і “пры наяўнасці ўмоў”. У былым нарматыўным акце гаварылася, што па жаданні вучняў і бацькоў, пры ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі, па рашэнні мясцовых уладаў – можа быць арганізавана навучанне на мовах нацыянальных меншасцяў.
У дзіцячых садах Брэсцкай вобласці супрацоўнікі пракуратуры праводзяць “выхаваўча-патрыятычныя” мерапрыемствы для дзяцей, у якіх прымаюць удзел супрацоўнікі пракуратуры. У службе інфармацыі пракуратуры Брэсцкай вобласці мэтай правядзення такіх мерапрыемстваў сярод іншага назвалі “асвятленне вынікаў расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе жыхароў БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны”.
У дзіцячым садзе No 25 Наваполацка для дзяцей быў арганізаваны патрыятычны канцэрт, на які запрасілі спецыяльную госцю – супрацоўніцу наваполацкай пракуратуры Аляксандру Нікіфараву. На канцэрце дзяцей пазнаёмілі з лялькай “Патрыёцік”, якая, як сцвярджае намесніца загадчыка дзіцячага сада Наталля Кузняцова, з’яўляецца сімвалам аўтарскай адукацыйнай праграмы, накіраванай на фармаванне патрыятызму ў малых.
У БДУ з новага навучальнага года студэнтаў не будуць навучаць па спецыяльнасці “міжнародная журналістыка”. На факультэце журналістыкі застаецца толькі дзве спецыяльнасці: “журналістыка” і “інфармацыя і камунікацыя”.
ГРАМАДЗЯНСКАЯ СУПОЛЬНАСЦЬ І АДУКАЦЫЯ
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ) запусціў праект “Women in Tech” для жанчын, якія жадаюць пачаць ці развіць сваю кар’еру ў сферы IT. Тым, хто толькі пачынае ці нават проста збіраецца пачаць працаваць у IT, праект дапаможа разабрацца ў разнастайнасці IT-прафесій, ацаніць свае навыкі, досвед працы і абраць адпаведную галіну. Таксама прадугледжана ментарская праграма для тых, хто ўжо працуе ў IT, але перажывае прафесійны крызіс. Акрамя таго, у па- чатку 2023 г. плануецца адкрыць бясплатныя IT-курсы, а ў абмене досведам і павышэнні матывацыі дапамогуць запланаваныя афлайн-сустрэчы.
Намеснік дырэктара па навуковай працы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа (структурнага падраздзялення АН) Сяргей Гаранін пасьля свайго звальнення з Акадэміі навук апублікаваў тэкст свайго гісторыка-лінгвістычнага навуковага даследавання на тэму асаблівасцяў імёнаў прадстаўнікоў палітычнай эліты Полацкага княства.
Інстытут Гётэ ў Варшаве пры падтрымцы Еўрапейскага саюзу запусціў адукацыйны праект Social Camp, які прапануе беларусам прайсці курс з дзесяці дысцыплін гуманітарнай накіраванасці, распрацаваных спецыяльна для беларускай аўдыторыі. Навучанне мае сфармаваць у слухачоў навыкі крытычнага мыслення і аргументацыі. Пасля праходжання ва ўдзельнікаў будзе магчымасць падаць заяўку на атрыманне фінансавай падтрымкі для сваіх сацыяльных праектаў.
У Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі прайшла абарона дысертацыі на саісканне ступені кандыдата медыцынскіх навук, напісанай на беларускай мове. Выступленні на паседжанні навуковага савета таксама праходзілі па-беларуску.
Беларускае незалежнае смі “Маланка Медыя” запусціла ютуб-канал для дзяцей “Маланка дзецям”, на якім будуць публікавацца ў тым ліку пазнавальныя відэа, створаныя прафесійнымі педагогамі.
Кандыдатка гістарычных навук, дацэнт, былая выкладчыца факультэта міжнародных зносін БДУ Роза Турарбекава выказалася пра змены ў сферы дзяржаўнай вышэйшай адукацыі Беларусі: “рэсаветызацыя”, “махлярства” і “дылетанцтва”, “спроба стварыць для навучэнцаў карціну свету, зручную для ўладаў”. Экспертка ўпэўненая, што ў цяперашніх умовах бацькам давядзецца больш займацца дзецьмі дома, “уключаць іх у сістэму нефармальнай адукацыі, каб яны не згубілі сувязь са светам”.
МІЖНАРОДНЫЯ МАГЧЫМАСЦІ
Адукацыйны рух “Каледжы аб’яднанага свету” (United World Colleges) прапануе для старшакласнікаў 2005–2007 гадоў нараджэння 2-гадовае навучанне па праграме міжнароднага бакалаўрыяту (IB) у адной з 18 навучальных установаў за мяжой. Адабраныя праз анлайн-сумоўе удзельнікі атрымаюць стыпендыі. Навучанне, як і частка сумоўя, вядзецца на англійскай мове. Апошні дзень падачы заявак – 24 лістапада 2022 г.
Цэнтр расійскіх, усходнееўрапейскіх і еўразійскіх даследаванняў (CREEES) Стэнфардскага Універсітэта запрашае даследчыкаў у галіне гісторыі і актуальных праблем усходнееўрапейскага рэгіёна да ўдзелу ў стажыроўцы імя Ўэйна Вучыніча. Удзел уключае правядзенне ці працяг асабістага даследавання ў Цэнтры на працягу 12 тыдняў з выкарыстаннем яго бібліятэкі і працоўнай прасторы, удзел у мерапрыемствах Цэнтра, выкладанне ў Цэнтры (1 лекцыя і 1 семінар). Адабраным удзельнікам будзе аказаная фінансавая падтрымка ў памеры 15000 даляраў ЗША, падтрымка ў атрыманні візы, будуць кампенсаваныя расходы на дарогу і медыцынскую страхоўку. Для ўдзелу ў праграме неабходна мець ступень кандыдата навук, атрыманую на працягу апошніх 5 гадоў. Апошні дзень падачы заявак – 15 студзеня 2023 г.
Цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў Цюрыхскага ўніверсітэта запрашае саіскальнікаў, якія займаюцца даследаваннямі постсавецкіх краін у галіне гуманітарных і сацыяльных навук, на 4-месячную стажыроўку. Арганізатары пакрываюць расходы на дарогу, пражыванне і медыцынскую страхоўку, аказваюць візавую падтрымку, забяспечваюць месца для працы, доступ да бібліятэкі і магчымасць публікацыі вынікаў даследавання ў навуковым выданні Цэнтра. Апошні дзень падачы заявак – 27 лістапада 2022 г.
Берлінская асацыяцыя “Акадэмічная сетка Усходняй Еўропы” (Akademisches Netzwerk Osteuropa) у межах праграмы “Навука пад пагрозай” (Science at risk) прапануе кансультацыйна-арганізацыйную дапамогу беларускім даследчыкам і вучоным, пацярпелым ад рэпрэсій і вайны, якая ўключае два напрамкі: экстраную дапамогу з пошукам праграмаў падтрымкі для працягу даследчыцкай, выкладчыцкай дзейнасці ці навучання і прапанова правядзення лекцый і заняткаў за ўзнагароду.
Фонд “Дом навук пра чалавека” і Цэнтр франка-расейскіх даследаванняў абвясцілі конкурс заявак для вучоных на атрыманне стыпендыі тэрмінам ад 2 да 3 месяцаў для правядзення даследаванняў у галіне гуманітарных і сацыяльных навук. Памер стыпендыі складае 1600 еўра на месяц. Адабраным удзельнікам арганізатары абяцаюць аказаць візавую падтрымку, а таксама даць рэкамендацыйныя лісты для працы ў бібліятэках і архівах. Для ўдзелу ў конкурсе неабходна мець ступень кандыдата навук і папярэднюю дамоўленасць з адной з навучальных установаў Францыі пра тое, што яно выступіць у ролі прымовага боку на перыяд правядзення даследавання. Апошні дзень падачы заявак – 9 снежня 2022 г.
Для беларускіх вучоных са ступенямі магістра, кандыдата ці доктара навук ёсць магчымасць атрымання стыпендыі ўраду Швейцарыі тэрмінам на 1 год, якая складзе ад 1920 да 3500 швейцарскіх франкаў на месяц у залежнасці ад віду праграмы. Пачатак праграмы – 1 верасня 2023 года. Апошні дзень падачы заявак – 9 снежня 2022 г.